15:15 12/07/2013 arche.by
Навука забіваць. 201-ы батальён ахоўнай паліцыі і гаўптман Раман Шухевіч у Беларусі ў 1942 годзе
Пэр Андэрс Рудлінг

Кампанія АУН(б) і УПА па ачыстцы Заходняй Украіны ад неўкраінскіх меншасцяў у 1943—1944 гг. вялася вельмі жорстка і мела ўсёахопны характар. Вынішчэнне байцамі УПА валынскіх і галіцыйскіх палякаў было кульмінацыяй гэтай гвалтоўнай кампаніі, разуменне якой вымагае даследавання паходжання кіраўнікоў УПА і вывучэння кантэксту, пры якім гэтая кампанія адбывалася.

Уводзіны

Кампанія АУН(б) і УПА па ачыстцы Заходняй Украіны ад неўкраінскіх меншасцяў у 1943—1944 гг. вялася вельмі жорстка і мела ўсёахопны характар. Вынішчэнне байцамі УПА валынскіх і галіцыйскіх палякаў было кульмінацыяй гэтай гвалтоўнай кампаніі, разуменне якой вымагае даследавання паходжання кіраўнікоў УПА і вывучэння кантэксту, пры якім гэтая кампанія адбывалася. Некаторыя даследчыкі падкрэсліваюць тое, што значная частка камандзіраў УПА ідэйна фармавалася пад уплывам нацысцкай Германіі, але гэтая тэма даследуецца адносна нядаўна, таму многія пытанні яшчэ патрабуюць адказаў[1]. Відавочным падаецца хіба толькі тое, што ўзрастанне жорсткасці, характэрнае для вайны на Усходзе, паўплывала ў рэшце рэшт і на гвалтоўны характар згаданай кампаніі ў Заходняй Украіне ды на шляхі, якімі яна ішла. Такім чынам, каб зразумець сутнасць антыпольскай кампаніі УПА, асабліва на яе найбольш гвалтоўным этапе (1943—1944 гг.), важна прасачыць, кім былі кіраўнікі УПА і як яны сябе паводзілі ў 1941—1942 гг.

Камандзір УПА Раман Шухевіч перад гэтым зарэкамендаваў сябе на службе Германіі. Ён насіў нямецкую ўніформу з 1938 г. і спалучаў палітычную актыўнасць на глебе ўкраінскага нацыяналізму з бліскучай вайсковай кар'ерай. У 1941 г. ён камандаваў батальёнам «Нахтыгаль» — фармаваннем вермахта, у якім служылі ўкраінскія нацыяналісты. Жаўнеры пад ягоным камандаваннем спрычыніліся да масавых расстрэлаў яўрэяў пад Вінніцай, а роля Шухевіча і «Нахтыгаля» ў львоўскім пагроме 30 чэрвеня 1941 г. стала прадметам гарачых дыскусій[2]. Менш вядомым і часта ігнараваным аспектам працы Шухевіча на нацысцкую Германію была ягоная дзейнасць у 1942 г., якую часта замоўчвае і ўкраінская нацыяналістычная гістарыяграфія[3]. У той год Шухевіч служыў гаўптманам (капітанам) у ахоўнай паліцыі і меў за вышэйшага начальніка Генрыха Гімлера — шэфа паліцыі і СС. Мой артыкул з'яўляецца спробай з апорай на дакументы запоўніць гэтую «белую пляму» ў біяграфіі Шухевіча.

Перадгісторыя: жыды, партызаны і «бандыты»

Беручы пад увагу велізарнасць тэрыторый, якія знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, ваенна-акупацыйных кадраў немцам не хапала. Вільгельм Кейтэль, начальнік штаба вярхоўнага камандавання вермахта, казаў, усведамляючы гэта: «Няма магчымасці ўсё ахоўваць, трэба, каб ахоўваў страх». Сам Гітлер, калі даведаўся пра заклік Сталіна да стварэння партызанскага руху ўлетку 1941 г., выгукнуў: «Тым лепш, гэта дае нам магчымасць знішчыць усіх, хто нам перашкаджае»[4]. Гітлер параўноўваў антыпартызанскую барацьбу са змаганнем супраць «чырвоных індзейцаў»[5]. 16 верасня 1941 г. Кейтэль выдаў загад, паводле якога кожны нямецкі салдат, забіты падчас партызанскіх нападаў на акупаванай тэрыторыі СССР, мусіў быць адпомшчаны крывёю «50—100 камуністаў»[6]. На сустрэчы афіцэраў Баха-Зялеўскага і Артура Нэбе (брыгадэн-фюрэра СС) камандзір айнзацгрупы B звязаў партызанаў з яўрэямі: «Там, дзе партызан, там і яўрэй, а там дзе яўрэй, там і партызан»[7]. У снежні 1941 г., за месяц да Ванзейскай канферэнцыі, у нататніку Гімлера з'явіўся шыфраваны надпіс: «яўрэйскае пытанне / знішчаць як партызанаў»[8]. Паколькі яўрэі-ўцекачы павялічвалі сілы партызанаў, нацысты трактавалі акцыі па знішчэнні яўрэяў як процідзеянне паўстанцам. Ключавым тэзісам завадатараў нямецкіх антыпартызанскіх акцый было тое, што «ўсе яўрэі без выключэння недалёка адышлі ад партызанаў»[9].

Мясцовая калабарацыя ў Дру гой сусветнай вайне

Недахоп нямецкіх вайсковых кадраў патрабаваў павелічэння даверу з боку Германіі да мясцовых калабарантаў. У якасці прылады для «бруднай працы» (Schmutzarbeit), якую мусілі выконваць акупанты[10], была абраная ахоўная паліцыя, што дзейнічала пад кіраўніцтвам жандармерыі. «Брудная праца» ўключала ў сябе знішчэнне яўрэяў і камуністаў[11], асноўнымі ж задачамі ахоўнай паліцыі былі «змаганне з партызанамі ператрусы ўгетах ііх ачапленне падчас "акцый", удзел у масавых пакараннях смерцю»12.

Спярша ў ахоўнай паліцыі служылі нямногія, але яе колькасны склад істотна ўзрос улетку 1942 г. Параўнальна з ліпенем 1942 г., да канца гэтага года агульная колькасць шуцманаў павялічылася з 30 тыс. да больш чым 200 тыс.[13] Хоць палова шуцманаў працавала ў пажарных камандах, тым не менш імклівы агульны рост асабовага складу ўскосна сведчыў пра актывізацыю прасавецкіх партызанскіх фармаванняў. У кастрычніку 1942 г. у «Остландзе» (г. зн. у краінах Балтыі і Заходняй Беларусі) служылі 55 562 мясцовыя паліцыянты і толькі 4428 немцаў, г. зн. суадносіны складалі 13:1[14]. Акрамя савецкіх ваеннапалонных, чый выбар нельга назваць свабодным, у ахоўную паліцыю ішлі служыць і добраахвотнікі[15].

Дзейнасць ахоўнай паліцыі як інстытута — адзін з мала вывучаных аспектаў Халакоста[16]. Нягледзячы на тое, што ёсць значны аб'ём дакументальных сведчанняў пра ўдзел шуцманаў у нацысцкіх ваенных злачынствах[17], іх не- пасрэдны ўдзел у антыяўрэйскіх акцыях слаба адлюстраваны ў ацалелых нямецкіх крыніцах. Нямецкія акупацыйныя ўлады пакінулі пасля сябе адносна мала звестак пра мясцовых калабарантаў. Нашыя веды пра іхнюю антыпартызанскую дзейнасць таксама прымушаюць жадаць лепшага. Толькі ў выключных выпадках нам трапляюцца імёны асобных жаўнераў — апрача тых, каго згадвалі іхныя камандзіры. Да таго ж пасля вайны ўлады ФРГ надавалі замала ўвагі знішчэнню падчас вайны мірных жыхароў-славян. У адрозненне ад забойстваў яўрэяў, забойствы славян звычайна не разглядаліся як дзейнасць, абумоўленая расісцкімі поглядамі. Антыпартызанскія акцыі лічыліся канвенцыйнымі ваеннымі злачынствамі, да чаго нямецкія федэральныя пракуроры з Людвігсбурга звычайна праяўлялі малую цікавасць[18]. Той факт, што многія злачынствы на мясцовым узроўні здзяйсняліся не немцамі, а мясцовымі памагатымі, дадаткова змяншаў цікавасць Германіі да іх расследавання злачынстваў[19]. Да канца 1960-х гг. вялікая частка сведчанняў захоўвалася ў недаступных савецкіх архівах[20]. Савецкія судовыя пратаколы са спраў былых шуцманаў, асуджаных за ваенныя злачынствы, былі доўгі час недаступныя, а большасць дакументаў з беларускіх і расійскіх архіваў заставаліся закрытымі для навукоўцаў. Гісторыкі толькі пачынаюць выкарыстоўваць у сваіх працах матэрыялы з савецкіх судоў над ваеннымі злачынцамі[21]. Да таго ж многія дакументы былі знішчаныя падчас вайны або адразу пасля яе[22].

Пад канец вайны шмат хто з шуцманаў адступіў разам з нямецкай арміяй. Даследаванне лёсу прыкладна 200 з іх паказала, што больш за 30% шуцманаў засталіся пасля вайны на Захадзе[23]. Толькі нямногія з іх панеслі адказнасць за свае ўчынкі. Заходнім краінам яшчэ трэба прыцягнуць хоць кагонебудзь з іх да суда за ваенныя злачынствы[24].

Пэр Андэрс Рудлінг — гісторык, навуковы супрацоўнік кафедры гісторыі Лундскага ўніверсітэта (Швецыя), у 2009 г. атрымаў ступень доктара філасофіі ва ўніверсітэце Альберты (Канада). У сферу навуковых інтарэсаў уваходзяць нацыянальныя ідэнтычнасці, этнічныя канфлікты і памяць пра іх на польска-беларуска-ўкраінскім памежжы. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» — «Вайна і гістарычная памяць у Беларусі: далучэнне заходніх абласцей і міф пра Брэсцкую крэпасць» (5/2010, сумесна з Дэвідам Р. Марплзам).

1. Гл., напрыклад: Snyder T. To Resolve the Ukrainian Problem Once and for All: The Ethnic Cleansing of Ukrainians in Poland, 1943—1947 // Cold War Studies. 1999. № 2. P. 86—120; Himka J.-P. Ukrainian Collaboration in the Extermination of the Jews During the Second World War: Sorting Out the Long-Term and Conjunctural Factors // The Fate of the European Jews, 1939—1945: Continuity or Contingency / Ed. J. Frankel. New York—Oxford, 1997. P. 170—189; Katchanovski І. Terrorists or National Heroes?: Politics of the OUN and the UPA in Ukraine (даклад, прадстаўлены на сусветнай канферэнцыі Асацыяцыі вывучэння нацыянальнасцяў у Нью-Ёрку, 15 красавіка 2010 г., рыхтуецца да друку ў часопісе «Nationalities Papers»).

2. Пра спрэчкі вакол «Нахтыгаля» і львоўскага пагрому гл.: Wachs P.-Ch. Der Fall Theodor Oberländer (1905—1998): ein Lehrstück deutscher Geschichte. Frankfurt am Main, 2000. S. 55—71; Rudling P. A. The Shukhevych Cult in Ukraine: Myth Making with Complications (даклад, прачытаны на кан- ферэнцыі «Другая сусветная вайна іаднаўленне гістарычнай памяці ў сучаснай Украіне» ў Кіеве, 25 верасня 2009 г.). Тэкст даступны на сайце: http://ww2-historicalmemory.org.ua/abstract_e.html.

3. Звычайна ягоная біяграфія ў нацыяналістычнай прэсе падаецца так: «па заданні АУН [Шухевіч] паехаў у Гданьск і ў чэрвені 1941 г. стаў намеснікам камандзіра т. зв. Украінскага Легіёна. Ён сабраў найлепшых украінскіх юнакоў, якія перад гэтым эмігравалі ў Польшчу і Германію. Пасля шкалення ён павёў іх на ўсход разам з нямецкай арміяй. Легіён дайшоў да Вінніцы, але Гітлеру не падабаўся Шухевіч і ён пакараў яго, ліквідаваўшы батальён. У 1943 г. Рамана Шухевіча абралі старшынёю бюро кіраўніцтва АУН, а ўвосень ён заняў пасаду Галоўнага камандзіра УПА». Гл.: Українська думка. Роман Шухевич — Тарас Чупринка // Українські вісті. 1975. 29 травня. С. 7.

4. Адамович А. Записные книжки разных лет // Нёман. 1997. № 7. С. 14.

5. Blood Ph. W. Hitler's Bandit Hunters: The SS and the Nazi Occupation of Europe. Washington, 2006. P. 79.

6. История Беларуси в документах и материалах / Сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. Минск, 2000. С. 542. Тут цыт. паводле: Erlaß des Chefs des Oberkommandos der Wehrmacht Keitel über Vergeltunsmaßnahmen bei Widerstand gegen die deutsche Besatzungsmacht, vom 16. September 1941 // Deutsche Propaganda in Weißrußland 1941—1944: Eine Konfrontation von Propaganda und Wirklichkeit / Hrsg. von J. Schlootz. Berlin, 1996. S. 13.

7 Krausnick H. Hitlers Einsatzgruppen: Die Truppe des Weltanschauungskrieges 1938—1942. Frankfurt am Main, 1993. S. 218.

8. Blood Ph. W. Hitler's Bandit Hunters… P. 54.

9. Heer H. Killing Fields: The Wehrmacht and the Holocaust in Belorussia, 1941—1942 // Holocaust and Genocide Studies. 1997. № 11. P. 88. Тут цытуецца аператыўная зводка аддзялення камендатуры па забеспячэнні парадку ў Беларусі (Вайсрутэніі) («Kommandatur des Sicherungs-Gebietes Wei.ruthenien- Abt. Ic. Lagebericht») ад 20 лютага 1942 г.

10. Dean M. The German Gendarmerie, the Ukrainian Schutzmannschaft and the «Second Wave» of Jewish killings in Occupied Ukraine: German Policing at the Local Level in the Zhitomir Region, 1941—1944 // German History. 1996. № 2. P. 178.

11. Breitman R. Himmler's Police Auxiliaries in the Occupied Soviet Territories // Simon Wiesenthal Center Annual. Vol. 7. 1997. P. 27.

12. Büchler Y. Kommandostab Reichsführer-SS: Himmler's Personal Murder Brigades in 1941 // Holocaust and Genocide Studies. Vol. 1. 1986. № 1. P. 94; Dean M. Collaboration in the Holocaust: Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine, 1941—44. New York, 2000. P. 77; расійскамоўная версія: Дин М. Пособники Холокоста: Преступления местной полиции Белоруссии и Украины 1941—1944. Санкт-Петербург, 2008. С. 106. Гл. таксама: Dean M. The German Gendarmerie… P. 181, 192.

13. Dean M. Collaboration in the Holocaust… P. 122; Дин М. Пособники Холокоста... С. 156.

14. Для параўнання: дадзеныя суадносіны былі 1:1 у Генерал-губернатарстве і ў Нарвегіі, 4:1 у рэйхс- пратэктараце Багеміі і Маравіі і ў Нідэрландах, 6:1 у Сербіі, 15:1 у Францыі і 20:1 у Расіі. Гл.: Станкерас П. Литовские полицейские батальоны 1941—1945 гг. Москва, 2009. С. 37.

15. The Minister of Citizenship and Immigration (applicant) v. Vladimir Katriuk (respondent) (T-2408-96) Federal Court of Canada Trial Division, Nadon, J. January 29, 1999 // Federal Trial Reports. Vol. 156. Fredricton, 1999. P. 178—179.

16. «Малавядомая роля жандармерыі і ахоўнай паліцыі дэманструе "адкрытую", або кепска прыхаваную сутнасць генацыду на акупаваных тэрыторыях СССР. Яўрэяў забівалі, расстрэльваючы іх у ямах побач з жытлом іх суседзяў. Паколькі нямецкіх сілаў, асабліва паліцыі бяспекі, на гэтых тэрыторыях было мала, немцы мусілі выкарыстоўваць для сваіх маштабных планаў пераважна даступную мясцовую сілу». Гл.: Dean M. The German Gendarmerie… P. 191.

17. Рапарт акружнога камісара Карла, 30 кастрычніка 1941 г. Цыт. паводле: «Schöne Zeiten»: Judenmord aus der Sicht der Täter und Gaffer / Hrsg. von E. Klee, W. Dreßen, V. Rieß. Frankfurt am Main, 1988. S. 164—167.

18. Browning Сh. R. Ordinary Men: Reserve Police Battalion 101 and the final Solution in Poland. New York, 1998. P. 150.

19. Birn R. B. «Zaunkönig» an «Uhrmacher». Grosse Partisanaktionen 1942/43 am Beispiel des «Unternehmens Winterzauber» // Militärgeschichtliche Zeitschrift. T. 60. 2001. S. 99—101.

20. Deland M. Purgatorium: Sverige och andra världskrigets förbrytare. Stockholm, 2010. P. 60.

21. Prusin A. V. «Fascist Criminals to the Gallows!»: The Holocaust and Soviet War Crimes Trials, December 1945 — February 1946 // Holocaust and Genocide Studies. 2003. № 1. P. 1—30; Berkhoff K. C. Dina Pronicheva's Story of Surviving the Babi Yar Massacre: German, Jewish, Soviet, Russian, and Ukrainian Records // The Shoah in Ukraine: History, Testimony, Memorialization / Eds. R. Brandon, W. Lower. Bloomington, 2008. P. 291—317. Апрача піянерскай працы М. Дына пра «Шума» ў Беларусі, ёсць кніга Станкераса 2009 г. пра літоўскія сілы ахоўнай паліцыі. Гл. таксама мой артыкул пра расправу ў Хатыні на с. 151 гэтага выдання.

22. Станкерас П. Литовские полицейские батальоны… C. 5.

23. Dean M. C. Der Historiker als Detektiv: Fluchtweger der einheimischen Schutzmannschaften und anderer deutschen Polizeieinheiten aus der besetzten Sowjetunion, 1943—1944 // 10 Jahre EXPERIENZAWast: Texte zum Historikerforum; eine Auswahl. Bd. 1 / Hrsg. von L. Norz, D. Pohland. Berlin, 2006.

24 Breitman R. Himmler's Police Auxiliaries… P. 33.

arche.by